ДЗІЦЯ́ЧЫЯ Я́СЛІ,

дашкольная ўстанова, якая забяспечвае неабходныя ўмовы развіцця і выхавання дзяцей ва ўзросце ад 2 месяцаў да 3 гадоў. У Дз.я. вылучаюць 4 ўзроставыя групы: грудных дзяцей (да 9 мес), «паўзунковая» (9—14 мес), сярэдняя (14—24 мес), старэйшая (2—3 гады). Дзяцей, якім споўнілася 3 гады, прымаюць дзіцячыя сады. З 1959 існуе дашкольная ўстанова, якая аб’яднала Дз.я. і дзіцячыя сады ў адзін тып дашкольнай установы — дзіцячыя яслі-сад.

У яслях дзеці знаходзяцца па 10—11 гадз у суткі; існуюць групы падоўжанага і кругласутачнага выхавання. З дзецьмі працуюць сёстры-выхавальніцы, метадычную і выхаваўчую работу ажыццяўляе педагог-метадыст, лячэ́бна-прафілактычную — урач. Будуюць Дз.я. паводле тыпавых праектаў на 30—40 месцаў; у групе ад 1 да 2 гадоў — 10, ад 2 да 3 гадоў — 15 месцаў. У апошнія гады колькасць дзяцей у Дз.я. паменшала ў выніку змены заканадаўства аб працягласці дэкрэтнага адпачынку жанчынам (да 3 гадоў). У 1980 на Беларусі было 229 Дз.я. на 20,6 тыс. дзяцей, у 1996—17 Дз.я. на 0,8 тыс дзяцей. Гл. таксама Дашкольныя ўстановы, Дашкольнае выхаванне і навучанне.

Э.А.Вальчук.

т. 6, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)